1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Яцэк Пратасевіч: Арышт маладзёвага актывіста кіне цень на працэс паляпшэння дачыненняў паміж Беларуссю і Еўразвязам

Вадзім Вілейта29 октября 2008 г.

Пра гэта заявіў старшыня камісіі Еўрапейскага парламенту па адносінах з Беларуссю Яцэк Пратасевіч падчас афіцыйнага наведвання беларускай амбасады ў Вільні. Аб чым яшчэ ішла гаворка на сустрэчы?

https://p.dw.com/p/Fjka
Фото: Fotomontage/DW

Сам амбасадар часу сустрэцца з гасцямі не знайшоў, афіцыйная прычына – даўно запланаваны візіт у Фінляндыю. Беларускі бок прадстаўляў дарадца-пасланнік Валерый Бараноўскі, у мінулым – супрацоўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

Пасля сустрэчы старшыня беларускай камісіі Еўрапарламенту Яцэк Пратасевіч падзяліўся ўражаннямі з Deutsche Welle. Па яго словах, сустрэча была надзвычай важная – ня толькі таму, што першая, але таму, што былі закранутыя чатыры важныя пытанні еўрапейска-беларускіх дачыненняў. Па-першае, пытанне зніжэння коштаў віз на тэрыторыі Еўразвязу для беларускіх грамадзянаў.

"Тут намаганні беларускіх уладаў і чаканні грамадзянаў маюць вялізную падтрымку з боку Еўрапарламенту, і ёсць шанец, што сама позна ў наступным годзе адпаведная дамова будзе падпісаная. Па-другое, мы звярнулі ўвагу беларускіх уладаў, што для паляпшэння супрацы неабходныя канкрэтныя дзеянні, накіраваныя на забеспячэнне свабоднай грамадзянскай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі", - адзначае еўрапейскі палітык.

З'яўленне палітзняволеных недапушчальна

Паводле Яцэка Пратасевіча, іншымі дзвюма тэмамі сталіся прывядзенне прынятага ў Беларусі Закона аб СМІ ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі і забеспячэнне празрыстасці ды дэмакратычнасці выбарчага працэсу. Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх уладаў была асабліва падкрэсленая недапушчальнасць з’яўлення ў краіне новых палітзняволеных у святле арышту два дні таму маладзёвага актывіста Аляксандра Баразенкі. Праз шэсць месяцаў, калі Брусэль будзе вырашаць, ці аднаваіць, ці зусім скасаваць візавыя санкцыі для беларускіх чыноўнікаў, такія факты ня будуць пакінутыя без увагі, заявіў старшыня беларускай камісіі Еўрапарламенту.

"Мы ня бачым падставы арыштоўваць чалавека па тых самых абвінавачваннях, па якіх нядаўна былі вызваленыя Кім і Парсюкевіч. Гэта паказчык нейкай непаслядоўнасці, які можа легчы ценем на наступныя шэсць месяцаў. Намеснік амбасадара нам адказаў, што калі парушаецца закон, павінна адбыцца судовая працэдура. На што я сказаў, што мы гэта добра разумеем, але трэба ўлічваць, што для заходняй грамадскай думкі пытанне асабістай вольнасці вельмі важнае",- абураецца Яцэк Пратасевіч.

На яго думку, Баразенка – гэта не рэцыдывіст, а арышт павінен накладацца тады, калі існуе пагроза для жыцця і здароўя іншых людзей. "Гэта не такі выпадак, таму абысціся можна было распіскай аб нявыездзе, ну навошта яго трэба браць пад арышт?"

Жаданне супрацоўнічаць з абодвух бакоў

Палітык заўважыў жаданне ў прадстаўнікоў беларускай амбасады ісці на рэальнае супрацоўніцтва: "У нас было ўражанне, што з намі за сталом сядзяць людзі, якія таксама хочуць паляпшэння адносінаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам, разумеюць, што залежнасць Беларусі выключна ад усходняга суседа можа ўяўляць пагрозу, і хацелі б стварыць для беларускіх грамадзянаў магчымасць прынамсі такога самага дасягу да кантактаў з Захадам, якую маюць украінцы і расейцы, то бок таннейшых візаў, лягчэйшых консульскіх працэдур", - падкрэслівае Яцэк Пратасевіч.

Наведванне амбасады Беларусі сталася заключным і найбольш інтрыгуючым акордам візіту еўрапарламентароў у Вільню. Чальцам камісіі было неаднаразова адмоўлена ў беларускіх візах, таму гэтым разам яны вырашылі не спрабаваць прыязджаць у Менск, а ўсе працоўныя сустрэчы правесці ў Літве, каб падрыхтаваць матэрыял для маючага адбыцца ў лістападзе візіту ў Менск прадстаўніцы Еўракамісіі Гельгі Шмід.

Пропустить раздел Еще по теме