Еўразвяз - Беларусь: як лепш паводзіць сябе падчас абвешчанага дыялогу?
28 октября 2008 г.Наведваючы Вільню, еўрапарламентары рыхтуюць глебу для пачатку рэальнага дыялогу паміж Еўропай і афіцыйным Менскам. Дзеля гэтага, паводле кіраўніка камісіі па Беларусі Яцэка Пратасевіча, неабходна распрацаваць канкрэтныя патрабаванні, якія трэба выставіць перад беларускімі ўладамі ўзамен за прыпыненне візавых санкцый.
Санкцыі адкліканыя на шэсць месяцаў – менавіта праз паўгода і трэба будзе ацаніць выкананне патрабаванняў, сцвярджалі падчас сустрэчы ў Вільні беларускія апазіцыянеры і еўрапарламентары. Адзін з лірадаў “Руху за свабоду” Віктар Карняенка распавядае: "Калі мы гаворым пра пакрокавую стратэгію, то крок за крокам павінен быць нейкі прагрэс. Мы ведаем спадара Лукашэнку ўжо даволі даўно, і калі прагрэсу ня будзе, то застанецца дыялог дзеля дыялогу, і мы згубім яшчэ адну магчымасць".
Што зрабіць, кааб не расчаравацца?
Дыялог з Лукашэнкам дзеля дыялогу, як казалі прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, можа прывесці да расчаравання ў шэрагах грамадзянаў Беларусі, якія выступаюць за праеўрапейскі курс.
"Еўропа можа наступіць на тыя ж граблі, мяркуючы, што, прыняўшы Лукашэнку ў абдымкі, яна дасягне выніку. Гэта небяспечна, - разважае экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін. - Чым больш вы Лукашэнку абдымаеце, тым больш беспардонна і цынічна ён будзе сябе з вамі паводзіць. Дамажыцеся хоць чаго-небудзь, і пакажыце, што вы дамагліся. Бо вызваленне Казуліна і тыя рашэнні, што прынятыя – гэта вельмі мала. Я б лепш у турме сядзеў, чым бачыць тое, што цяпер адбываецца. Бо напладзіць новых палітвязняў – гэта лягчэй за ўсё. Заўтра іх будзе дзесяць – і зноў усё звядзецца да вызвалення палітвязняў"
Па выніках сустрэчы з беларускімі палітыкамі старшыня камісіі Еўрапарламенту па Беларусі Яцэк Пратасевіч заявіў, што іх парады будуць прынятыя да ўвагі падчас маючага адбыцца візіту ў Менск начальніцы палітычнага аддзелу Генеральнага сакратарыяту Рады Еўразвязу Гельгі Шмід.
Ацэнка прагрэсу па канкрэтных крытэрыях
Ёсць некаторыя заканадаўчыя ўмовы, якія Еўразвяз можа прыняць за крытэрыі ацэнкі прагрэсу ў перамовах з беларускімі ўладамі. Змены ў выбарчым заканадаўстве, змены ў законе аб СМІ, змены ў Крымінальным кодэксе і змены ў законе, датычным свабоды веравызнання. Ёсць і тры практычныя паказчыкі – адсутнасць новых палітвязняў, свабода друку і распаўсюду незалежных выданняў ды лепшыя ўмовы для рэгістрацыі новых грамадскіх арганізацый і функцыянавання палітычных партый.
Сустрэча з беларускай апазіцыяй – толькі адзін з пунктаў праграмы візіту еўрапарламетароў у Вільню. Яны праводзілі кансультацыі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту, а 29 кастрычніка наведваюць беларускую амбасаду.