1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Хто абароніць Белую Панну?

Марына Мазуркевіч26 октября 2008 г.

Міністэрства культуры зліквідавала філіял Нацыянальнага мастацкага музея ў Гальшанах з прычыны аварыйнасці будынка францысканскага кляштара, дзе ён мясціўся. Кляштар вядомы тым, што па ім блукае самы Белая Панна.

https://p.dw.com/p/FhA7
Будынак францысканскага кляштара ў ГальшанахФото: DW

Дзеля сустрэчы з таямнічай Белай Паннай у Гальшаны штогод наведвалася да 13 тысяч турыстаў. Менавіта таму гэтае невялікае мястэчка трапіла ў многія турыстычныя маршруты па Беларусі. Кляштару, у якім мясцілася музейная экспазіцыя, хутка будзе 400 год. Ён падараваны мястэчку у 1618 годзе Паўлам Стэфанам Сапегам, падканцлерам Вялікага княства Літоўскага, распавядае загадчыца былога філіяла Часлава Акулевіч: "Ён, як кажуць, быў здадзены ў эксплуатацыю разам з нашым гмахам-касцёлам. Мы проста дзівімся, як інтэнсіўна будавалі нашыя продкі. Як яны маглі без тэхнікі, без сучаснай".

Захаваць ці пахаваць?

Вынаходлівасць старажытных майстроў здзіўляе. У такім сціплым памяшканні, як кляштар, ні ў адным з пакояў не паўтараецца малюнак столі, дзе-нідзе нават у скляпеннях можна знайсці арнаменты. Тоўстыя сцены – не дзеля абароны, у іх закладзеная адмысловая сістэма ацяплення.

Цяпер лёс 400-гадовага гмаха, які сапраўды можа абрынуцца, залежыць ад рашэння адмысловай камісіі Мінкульта. Праз аварыйнасць кляштара ўжо аддадзены загад замураваць вокны і дзверы. Далей спецыялісты могуць прыняць рашэнне аб кансервацыі будынка.

Але, хутчэй за ўсё, вызначыць, што ён не падлягае аднаўленню, бо на гэта спатрэбяцца мільёны долараў. "Можна аднавіць, абы былі грошы. Але знайсці спонсараў ці інвестараў было б вялікім шчасцем", - лічыць Часлава Акулевіч.

На яе думку, пытанне аб выратаванні сапегаўскай спадчыны трэба ўздымаць на ўзроўні парламента.

Рэальная суседка

Зруйнаваны Гальшанскі замак, што месціцца побач – амаль раўналетка кляштару францысканцаў. Многія з мясцовых жыхароў упэўненыя, што сцены апошняга трымае гнеў Белай Панны. Легенду пра яе ведаюць амаль усе беларускія школьнікі.

"Калі будавалі кляштар, кожную раніцу ўзведзеная за мінулы дзень сцяна развальвалася. Тады будаўнікі вырашылі прынесці ахвяру. У сцяну замуравалі жанчыну, якая першай прынесла абед свайму мужу", - распавядае дзесяцігадовая Ганулька.

У Гальшанах Белую Панну не лічаць літаратурным персанажам. Калі гадоў 15 таму ў адной са сценаў знайшлі парэшткі чалавека, у казку паверылі і дарослыя. Цяпер да здані тут ставяцца як да рэальнай суседкі.

"Прыблізна вось тут, пад гэтай сцяной, і былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі. Доктар сказаў, што па парэштках відаць, што гэта была жанчына, а наяўнасць зубоў гаворыць, што была яна маладой", - даводзіць Часлава Акулевіч.

Мужчыны, якія не данеслі парэшткі да могілак, памерлі адзін за адным. З таго часу ў кляштары здараюцца загадкавыя рэчы: на другім паверсе чуюцца чыесьці крокі, наведвальнікі бачаць постаць дзяўчыны, святло гасне і запальваецца само па сабе.

Кабінет дырэктара ўвогуле называюць пакоем прывідаў. Тыя, хто спрабаваў пераначаваць тут, расказваюць, што не маглі знайсці выйсце і бачылі таямнічых істот. Маскоўскі даследчык Вадзім Чарнаброў нават занёс гальшанскі кляштар у трохтомную "Энцыклапедыю загадкавых месцаў свету".

З усяго гэтага супрацоўнік турфірмы Улад Дзергачоў робіць выснову, што Гальшаны, якія знаходзяцца недалёка ад Мінска, маюць усе, шанцы для далейшай "раскруткі":

"Ёсць падтрыманы турыстамі нематэрыяльны брэнд – прывід Белай Панны. Пакідаючы кляштар у занядбаным стане, чыноўнікі губляюць магчымасць зарабіць на гэтым грошы".

Але самы вядомы беларускі прывід чыноўнікі выкраслілі са спісу дастапомнасцей.