1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У цені Белай Панны

Марына Мазуркевіч16 марта 2008 г.

Гальшаны – адзіная вёска ў Беларусі, якую штогод наведвае больш за 13 тысяч турыстаў. Іх цікавіць легенда пра Белую Панну. Але ў хуткім часе самы знакаміты беларускі прывід можа застацца без прытулку.

https://p.dw.com/p/DPMs
Былы кляштар францысканцаў у ГальшанахФото: Marina Masurkewitsch

Як сведчаць відавочцы, Белая Панна жыве ў былым кляштары францысканцаў – спарахнелы будынак, абадраныя сцены, цвіль… Самае месца для прывіда.

Пакуль дзяржава вырашала, ці варта аддаваць будыніну каталіцкім вернікам, знік фундатар, які гатовы быў фінансаваць яе аднаўленне. Цяпер ніхто не мае патрэбных на гэта грошай: ні парафія, ні мясцовыя улады, ні Нацыянальны мастацкі музей. Ужо некалькі год ён спрабуе перадаць свой філіял пад кляштарнымі сутарэннямі на баланс Ашмянскага райвыканкама.

Як будавалі на стагоддзі

Кляштар францысканцаў амаль равеснік Гальшанскаго замка, пра які пісаў Уладзімір Караткевіч. Хутка ім абодвум споўніцца па 400 год. Кляштар быў пабудаваны ў 1618 годзе.

“Ён, як кажуць, быў здадзены ў эксплуатацыю разам з нашым гмахам касцёлам. Як інтэнсіўна будавалі нашыя продкі. Як яны маглі без тэхнікі?”, – дзівіцца загадчык філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Чэслава Акулевіч.

Тоўстыя сцены ўзводзіліся не дзеля абароны, а з энергазберагальных меркаванняў. У іх закладзеная ўнікальная сістэма ацяплення: дровы кідаліся ў тры каміны, ад якіх ішлі ад падлогі да сутарэнняў змеепадобныя чатырохкутныя дымаходы, тлумачыць Чэслава Акулевіч: “І КПД гэтага ацяплення быў такі высокі, што абагравалася велізарная галерэя і яшчэ прымыкаючыя з абодвух бакоў памяшканні”.

“Сіняя барада” па-гальшанску

Фундатарам кляштара быў падканцлер Вялікага княства Літоўскага Павал Стэфан Сапега. За баявыя подзвігі яго называлі рыцарам без страху і заганы. За тое, што варта яму было ажаніцца, як жонка памірала -- “сіняй барадой”.

Доўгі час у фундатарскай капліцы зачыненага пры Саветах касцёла знаходзілася мармуровае скульптурнае надмагілле Паўла Стэфана Сапегі і трох ягоных жонак. Але аднойчы пайшла па Гальшанах показка пра тое, што надмагілле збіраюцца выкрасці.

“І нашыя хлопцы ў выхадны дзень скінуліся па дзесятцы, здаецца, так яны расказвалі. Нанялі грузавую машыну, прыехалі, узарвалі п’едэстал з выявай Сапегаў і вывезлі”. З 1979 года скульптуры захоўваюцца ў музеі старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук.

Хто трымае сутарэнні

Знакаміты гальшанскі замак даўно абрынуўся. Двойчы перабудоўвалі мясцовы касцёл. І толькі кляштар стаіць трывала. Можа, сакрэт у цэгле-пальчатцы? Паходжанне дзіўнай назвы тлумачыць загадчыца філіяла. “Таму што рука нашага далёкага продка на кожнай-кожнай цаглінцы (ён яе ўручную вырабляў, фармаваў) пакінула адбітак. Гэта, ведаеце, фірменны знак з тых далёкіх стагоддзяў”.

Але ж і замак з касцёлам будаваліся з той жа пальчаткі. “Гэты будынак апекаецца. Хай там даўно ўжо не праводзілася рэстаўрацыя, але ж, як можам, мы глядзім за гэтым будынкам”, - прапаноўвае яшчэ адну версію трываласці помніка архітэктуры Чэслава Францаўна.

Але многія з мясцовых жыхароў упэўненыя: да захвання кляштару прыклала руку сама Белая Панна – дзяўчына, якую, па легендзе, замуравалі ў сцяну, каб цэгла не рассыпалася. Часам у пустых памяшканнях можна пачуць крокі, цяжкія ўздыхі, самі сабой адчыняюцца дзверы і запальваецца святло.

Гальшанскі кляштар нават трапіў у Энцыклапедыю загадкавых месцаў свету. Калі людзі пакінуць кляштар паміраць, знікне і Белая Панна - нематэрыяльная гістарычная каштоўнасць нацыянальнага значэння. І Гальшаны стануць шэраговай вёскай, якія звычайна абмінаюць турысты.