1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Супраць лідэра Моладзі БНФ ужыты гвалт у шпіталі

16 января 2009 г.

16 студзеня прадстаўнікі спецслужб выкарысталі сілу ў дачыненні да лідэра “Моладзі БНФ” Франака Вячоркі, які праходзіў медабследаванне ў вайсковым шпіталі, і ў кайданках даставілі ў ваенкамат.

https://p.dw.com/p/GZsa
Молодой человек смотрит сквозь покрытое инеем окно
Фото: AP

У пятніцу, 16 студзеня, прадстаўнікі спецслужб выкарысталі фізічную сілу супраць лідэра моладзевага крыла Партыі БНФ Франака Вячоркі, які знаходзіўся ў вайсковым шпіталі, дзе праходзіў медычнае абследаванне.

Як паведаміў Deutsche Welle першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, у гэты дзень Франак мусіў прайсці агляд шэрагу спецыялістаў, у тым ліку і афтальмолага, бо мае падвышаны ціск і праблемы з вачыма, у звязку з чым у яго раней была адтэрміноўка ад вайсковай службы. Па словах Вінцука Вячоркі, замест афтальмолага ў кардыялагічнае аддзяленне ўламіліся асобы ў цывільным і пара міліцыянтаў, яны, праігнараваўшы пытанні маладзёна, ці той выпісаны, дзе заключэнне і дзе дыягназы і пазасталыя абследаванні, скруцілі юнака, заламіўшы яму рукі і збіўшы яго.

Неабгрунтаваны гвалт

“Здарылася так, што мы гаварылі па тэлефоне, але яны не здолелі выключыць тэлефон, і я тры хвіліны чуў, як сын крычаў, што яму балюча, і я чуў, як казалі “давай наручнікі”, і яму сапраўды начапілі наручнікі і гвалтам вывалаклі з будынка, пасля чаго на чорным джыпе даставілі ў ваенкамат”, - распавёў Вінцук Вячорка.

Прыбегшы ў ваенкамат, палітык пачуў ад чалавека ў цывільным, які раздаваў загады падпалкоўнікам і сваім падначаленым, каб у 16.00 Франак Вячорка быў адпраўлены ў войска. “Калі я гэта пачуў, я абурыўся, мне прапанавалі прайсці ў кабінет паразмаўляць, але я адмовіўся. Пасля гэтага мяне выпіхнулі з ваенкамату і забарыкадавалі дзверы”, - сказаў Вінцук Вячорка.

Войска як спосаб пакарання

Сам старшыня Моладзі БНФ адмовіўся падпісваць павестку на 16.00 на пятніцу і ў рэшце рэшт быў змушаны падпісаць позву на 26 студзеня.

“Зараз мы будзем падаваць пратэсты, таму што заведама нездаровага чалавека з заведама палітычных прычын і пад відавочным кіраўніцтвам спецслужб такім чынам збіраюцца рэпрэсаваць. Гэта не мае нічога супольнага з усеагульным вайсковым абавязкам і абароназдольнасцю дзяржавы”, - падкрэсліў Вінцук Вячорка.

Зараз у войску знаходзяцца нядаўні лідэр Моладзі БНФ Алесь Каліта, а таксама гомельскі актывіст арганізацыі Зміцер Жалезнічэнка, які адмовіўся прымаць прысягу на знак пратэсту супраць незаконнага, з яго меркавання, прызыву на тэрміновую службу. (гк)

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме