Правы чалавека ў Беларусі: "чорнае і белае" за мінулы тыдзень
8 января 2009 г.Пэўныя непрыемныя моманты чакалі некаторыя незалежныя сродкі масавай інфармацыі, а таксама моладзевых актывістаў, якіх імкнуцца прыцягнуць да службы ў войску менавіта за грамадзянскую актыўнасць. Але, апроч негатыву, за апошні час у Беларусі мелі месца і станоўчыя змены, што да правоў і свабод чалавека.
Праблемы незалежных выданняў
З пачатку бягучага году недзяржаўная грамадска-палітычная газета "Борисовские новости" пазбавілася магчымасці друкавацца, а таксама распаўсюджвацца праз уласную гандлёвую сетку. Прыватная мінская друкарня "Плутас-Маркет", дзе апошнія гады друкавалася гэтае рэгіянальнае выданне, паведаміла рэдакцыі газеты, што са студзеня 2009 года скасоўвае дамову аб супрацоўніцтве. Як патлумачыла кіраўніцтва друкарні, адмова друкаваць газету звязана з "сусветным фінансавым крызісам".
Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі зноў адмовіла ў акрэдытацыі журналістцы незалежнага выдання "Народная воля" Марыне Коктыш. У дасланым у рэдакцыю лісце паведамляецца, што заяўка наконт акрэдытацыі Марыны Коктыш была перададзена "адпаведным службам", якія вырашылі адмовіць журналістцы ў доступе "у комплекс будынкаў па вуліцы Савецкай, 11" – гэта адрас Дома ўраду. Што гэта за "адпаведныя службы" у адмове не не написана. Летась у аналагічным выпадку фігуравала Служба бяспекі беларускага прэзідэнта. Але за беспадстаўную адмову рэдакцыя газеты "Народная воля" збіраецца падаць у суд скаргу на дзеянні Палаты прадстаўнікоў.
Як адзначыў з нагоды згаданых выпадкаў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў юрыст Андрэй Бастунец, гэта сведчыць пра тое, што ніякіх сістэмных зрухаў у накірунку да нейкай дэмакратызацыі становішча са сродкамі масавай інфармацыі не адбылося. "Былі толькі паказальныя кропкавыя дзеянні, каб забяспечыць відочнасць руху ў гэтым напрамку", - мяркуе Андрэй Бастунец.
Войска як пакаранне
Працягваюцца спробы прыцягнуць да вайсковай службы дэмакратычных моладзевых актывістаў. У сераду ў Ракаве Мінскай вобласці супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы лідэр "Моладзі БНФ" Франак Вячорка. Сілавікі патлумачылі, што маладзёну прадпісана з’явіцца ў ваенкамат, хоць ён мае адтэрміноўку ад вайсковай службы да сакавіка бягучага году і ніякіх дадатковых позваў не атрымліваў.
Як мяркуе першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, "пасля таго, як Франак быў абраны кіраўніком "Моладзі БНФ", відавочна, Міністэрства абароны атрымала новы палітычны загад, што б там ні было забраць яго пад час зімовага прызыву, нягледзячы на тое, што ён мае адтэрміноўку яшчэ як мінімум на тры месяцы".
Лідэр салігорскіх маладафронтаўцаў Іван Шыла і актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Павел Кур’яновіч таксама атрымалі паведамленні пра тое, што яны тэрмінова будуць забраныя ў войска.
Зарэгістравана суполка незалежнага прафсаюза
У якасці станоўчага моманту можна адзначыць, што Рэчыцкі райвыканкам з трэцяга разу зарэгістраваў раённую першасную арганізацыю незалежнага Беларускага прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).
Раней райвыканкам адмаўляўся паставіць на ўлік першасную тэрытарыяльную арганізацыю прафсаюзу РЭП на той падставе, што ў горадзе ўжо дзейнічае адна суполка незалежнага прафсаюзу на заводзе "Рытм".
Зварот актывістаў прафсаюза ў суд у мінулым годзе не даў станоўчага выніку, бо суд вырашыў, што парадак стварэння незалежнай суполкі прафсаюза нібыта быў парушаны. Цяпер жа суполку зарэгістравалі нават насуперак рашэнню суда.
Звольнена суддзя, вядомая па "палітычных справах"
Улады гораду Смаргонь не дазволілі пікет супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі. У адмове заяўнікам акцыі чыноўнікі спаслаліся на тое, што дагэтуль не падпісаны указ прэзідэнта аб будаўніцтве АЭС менавіта ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласці. Смаргоньскія актывісты планавалі правядзенне пікету "Астравецкая АЭС – пагроза смаргоньцам" на 11 студзеня.
І яшчэ адна навіна, якая выклікала рэзананс у грамадстве. У адпаведнасці з Указам прэзідэнта ад 5 студзеня з працы звольнена намесніца старшыні суда Цэнтральнага раёна Мінска Алена Ілліна. Яе імя, як і імёны суддзяў гэтага ж суда Валерыя Есьмана і Таццяны Паўлючук, было агучана кіраўніком дзяржавы пад час нарады па барацьбе з карупцыяй.
Алена Ілліна вядомая грамадскасці па гучных справах, якія называюць "палітычнымі". Менавіта яна разглядала справу экс-дэпутата Вярхоўнага Савета Андрэя Клімава, у выніку чаго той на некалькі гадоў апынуўся за кратамі. Ілліна таксама вяла гучны "Працэс чатырнаццаці" па абвінавачваннях ва ўдзеле ў вулічных акцыях пратэсту прадпрымальнікаў, якія адбыліся год таму ў Мінску. Суддзя асудзіла больш за дзесяць чалавек да буйных штрафаў і абмежавання волі, а моладзевага актывіста Андрэя Кіма да рэальнага пазбаўлення волі.
Генадзь Канстанцінаў