Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня
19 ноября 2010 г.Арганізатары кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" у пятніцу падсумавалі вынікі чарговага этапу кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі, у Ганцавічах удзельнікаў апытання, якое праводзіла недзяржаўная газета, выклікалі ў пракуратуру, у адзінай у Беларусі незалежнай сацыялагічнай лабараторыі НОВАК, якой кіруе доктар сацыялагічнык навук Андрэй Вардамацкі, арыштавалі рахункі.
Арышт рахункаў сацыёлагаў
У незалежнай сацыялагічнай лабараторыі НОВАК арыштаваны разункі. Як паведаміла журналістам камерцыйны дырэктар лабараторыі Святлана Паўлава, пакуль невядома прычына такіх дзеянняў уладаў. Сёлета ў дачыненні да лабараторыі НОВАК ужо ўжываліся ўздзеянні з боку праваахоўных органаў. У траўні 2010 года, калі па ўсёй краіне адбываліся затрыманні актывістаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" і ператрусы, вобшук адбыўся і ў кватэры Андрэя Вардамацкага, а таксама ў памяшканні ачоленай ім лабараторыі. У выніку таго ператрусу была сканфіскаваная аргтэхніка, якую пазней вярнулі.
Лабараторыя аксіяметрычных даследванняў НОВАК, утвораная ў 1992 годзе, з’яўляецца прыватнай незалежнай службаю, якая спецыялізуецца на сацыялагічных даследваннях у галіне маркетынгу, СМІ, а таксама грамадскай думкі. Апроч таго, НОВАК прадастаўляе кансалтынгавыя паслугі ў азначаных сферах.
Папярэднія высновы праваабаронцаў
У пятніцу, 19 лістапада, арганізатары кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" падсумавалі вынікі збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Як сцвярджаюць праваабаронцы, нягледзячы на больш спрыяльныя ўмовы для правядзення выбарчае гонкі, меў месца цэлы шэраг парушэнняў выбарчага заканадаўства.
Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч адзначыў, што збор подпісаў праходзіў у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Выбарчага кодэкса, якая істотна спрасціла парадак запаўнення падпісных аркушоў і дапусціла правядзенне адпаведных пікетаў без папярэдняга ўзгаднення з мясцовымі ўладамі.
Па словах юрыста, ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў працавалі ў няроўных умовах параўнальна з ініцыятыўнай групай дзейнага кіраўніка дзяржавы. Падчас збору подпісаў моцна выкарыстоўваўся адміністратыўны рэсурс, а актывістам каманд іншых прэтэндэнтаў забаранялася ўваходзіць у інтэрнаты, на тэрыторыю прадпрыемстваў і ўстановаў. Цэнтрвыбаркам таксама не звярнуў увагі на той факт, што подпісы за Аляксандра Лукашэнку збіралі людзі, якія не з’яўляліся сябрамі яго ініцыятыўнае групы.
Актывізацыя ўціску
Як паведаміў кіраўнік Беларускага Хельсінскага камітэту (БХК) Алег Гулак, упоўнімі днямі сталі з’яўляцца факты ўціску на актывістаў выбарчае кампаніі. Па словах праваабаронцы, маецца на ўвазе адлічэнне з універсітэта кіраўніка сталічнай ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева Андрэя Кумца, заклапочанасць выклікаюць апошнія падзеі вакол аксіяметрычнай лабараторыі НОВАК, а таксама адноўленая цікавасць з боку падаткавых органаў да каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Валянціна Стэфановіча.
За ўдзел у апытанні - у пракуратуру
Удзельніцу апытання, якое праводзіла недзяржаўная газета "Ганцавіцкі час", 17 лістапада выклікалі ў мясцовую пракуратуру. Выданне звярталася да жыхароў горада з пытаннем, ці дастаткова ў СМІ інфармацыі пра ход выбарчай кампаніі і будучыя выбары.
Пракурор Ганцавіцкага раёну Сяргей Дзежка цікавіўся ў жанчыны, ці насамрэч яна выказала незадаволеннасць недахопам інфармацыі пра кандыдатаў у прэзідэнты. Па інфармацыі рэдакцыі выдання, у пракуратуру быў выкліканы яшчэ адзін чытач, што ўзяў удзел у згаданым апытанні.
Галоўны рэдактар "Ганцавіцкага часу" Пётра Гузаеўскі ў размове з службай маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў расцаніў выклікі ўдзельнікаў апытання ў пракуратуру як уціск на газету і на яе чытачоў, многія з якіх, з меркавання рэдактара, наступным разам задумаюцца, ці дзяліцца сваім меркаваннем, рызыкуючы быць выкліканым у пракуратуру.
Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў