1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

8 октября 2010 г.

На адрас актывістаў ініцыятыўных груп апазіцыйных прэтэндэнтаў у прэзідэнты паступаюць пагрозы, улады забаранілі пікет супраць смяротнага пакарання, яшчэ адзін падазраваны ў падпалах выйшаў на свабоду.

https://p.dw.com/p/PZR1
Молоток судьи на столе
Фото: picture-alliance/ dpa

На актывістаў ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі аказваецца ўціск з боку ўладаў, барысаўскія чыноўнікі забаранілі праводзіць пікет за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі, яшчэ адзін маладзён, якога падазравалі ў падпалах, пакінуў акрэсцінскую вязніцу.

Ціск на чальцоў ініцыятыўных груп

ручка над чистым листом бумаги, на котором стоит "1"
Пагрозы ў бок актывістаў апазіцыі звязаныя са зборам подпісаўФото: BilderBox

7 кастрычніка дырэктар Амговіцкай сярэдняй школы, што на Случчыне, Тамара Жанжэўская сабрала педагагічны калектыў і заявіла, што будзе звальняць настаўнікаў, якія паставілі свае подпісы за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты апазіцыйных дзеячоў. Аб гэтым паведаміў мясцовы актывіст Анатоль Юрэвіч, які з’яўляецца кіраўніком ініцыятыўнай групы аднаго з апазіцыйных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду.

Анатоль Юрэвіч распавёў, што ў Амговіцкай школе настаўнікам фізкультуры працуе Ігар Лясун, які з’яўляецца сябрам ініцыятыўных груп Уладзіміра Някляева і Яраслава Раманчука. Па словах актывіста, Тамара Жанжэўская загадала Ігару Лесуну больш не прыходзіць на працу, а астатнім настаўнікам заявіла, што тыя не мусяць падпісвацца ні за каго, апроч Аляксандра Лукашэнкі. Запалоханыя настаўнікі папрасілі Ігара Лесуна ануляваць свае подпісы, пададзеныя за Някляева і Раманчука.

Інфармацыя пра магчымы замах

Николай Пахабов, Владимир Некляев, Виктор Горбачев
Мікалай Пахабаў, Уладзімір Някляеў, Віктар Гарбачоў (злева направа)Фото: DW

Тым часам, актывісты ініцыятыўнае групы Уладзіміра Някляева - старшыня аргкамітэту па стварэнню грамадскага аб’яднання "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў і чалец гэтай арганізацыі Мікалай Пахабаў атрымалі інфармацыю пра магчымасць іх фізічнага знішчэння.

Як заявіў Віктар Гарбачоў на прэс-канферэнцыі 8 кастрычніка, ён пакуль не хоча каментаваць гэтыя звесткі, і параіў "старым і маладым ваўкам задумацца, хто з іх атачэння злівае інфармацыю". "Я афіцыйна заяўляю: ідзе выбарчая кампанія, я адзін з яе актыўных удзельнікаў, таму папярэджваю, што падчас гэтай кампаніі я не збіраюся скончыць жыццё самагубствам, і ні я, ні мае родныя і блізкія не маем намеру знікнуць без вестак", - падкрэсліў Віктар Гарбачоў.

Забарона пікету

У Барысаве ўлады забаранілі праводзіць пікет за адмену ў Беларусі смяротнага пакарання. Мясцовыя праваабаронцы меркавалі зладзіць мерапрыемства 10 кастрычніка, у Міжнародны дзень супраць смяротнае кары, каля гандлёвага цэнтру "Веста". Адпаведную заяўку яны падалі ў Барысаўскі райвыканкам яшчэ 20 вересня. 7 кастрычніка высветлілася, што пікет забаронены мясцовымі ўладамі.

Петля для повешения ввиде двух чаш весов
Беларусь пакуль не збіраецца адмяняць смяротнае пакараннеФото: idt

Чыноўнікі, згодна дзейнага заканадаўства, мусілі даць станоўчы альбо адмоўны адказ не пазней 5 кастрычніка, але гэта не было зроблена. Улады матывавалі сваю адмову тым, што заяўнікі не прадаставілі дамовы з жыллёва-камунальнай гаспадаркай, міліцыяй і "хуткай дапамогай", хоць, паводле незалежных юрыстаў, такія дамовы павінны заключацца пры арганізацыі больш буйных, чымся пікет, вулічных акцыяў.

Варта адзначыць, што летась барысаўскія ўлады таксама адмовілі праваабаронцам у правядзенні пікету супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.

Яшчэ адзін "падпальшчык" на волі

6 кастрычніка ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску пасля праведзеных там шасці сутак па "справе аб падпалах" пакінуў актывіст праваабарончага руху з Барысава Барыс Ашчэпкін. Яго ва ўласнай кватэры затрымалі 1 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі, якія ўзламалі дзверы і гвалтоўна праніклі ў жытло.

Пасля праведзенага ў кватэры актывіста ператрусу Ашчэпкіна адвезлі ў пастарунак, дзе паведамілі, што яго падазраюць ва ўдзеле ў акцыі каля Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі, якая мела месца яшчэ год таму назад і пад час якой невядомыя шпурнулі на тэрыторыю вайсковага ведамства дымавую шашку, выкрыкваючы лозунгі супраць беларуска-расійскіх ваенных манёўраў.

Барыс Ашчэпкін адмаўляў свой удзел у той акцыі, тым не менш, на свабоду яго не адпусцілі. Апроч таго, праз тры дні праваабаронцу паведамілі, што яго падазраюць і ў нападзе на ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна, які адбыўся на пачатку верасня, пасля чаго пратрымалі яго за кратамі яшчэ трое сутак. Нават пасля вызвалення за Барысам Ашчэпкіным застаўся статус падазраванага. Сам актывіст лічыць, што пэўных юрыдычных перспектываў у гэтай справы няма.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар: Вікторыя Заранка

Пропустить раздел Еще по теме