Свята 9 траўня: значэнне для Беларусі
8 мая 2009 г.9 траўня ў Беларусі адзначаецца дзяржаўнае свята. Газеты друкуюць віншаванне і зварот да грамадзян кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Прэзідэнт сцвярджае, што ў гэты дзень няма месца бяспамяцтву і забыццю, святатацтву і рэвізіі гісторыі. "За гады другой сусветнай вайны наша краіна страціла амаль трэць сваіх жыхароў, гэта вечная незагойная рана", - кажа Лукашэнка.
Запланаваныя традыцыйныя мерапрыемствы
Па савецкай традыцыі ў Беларусі дзень заканчэння другой сусветнай вайны ў Еўропе адзначаецца 9-га, а не 8-га траўня, як у некаторых еўропейскіх краінах. Зрэшты, 8 траўня ў мінскім Палацы Рэспублікі адбыўся урачысты сход і святочны канцэрт.
Аднак самым галоўным мерапрыемствам свята традыцыйна з'яўляецца урачыстае шэсце ветэранаў вайны і прэзідэнта Беларусі. Яно пройдзе 9 траўня па праспекце Незалежнасці ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі ў Мінску. Як чакаецца, у святочнай калоне спачатку пройдуць сцяганошы, потым шыхты на чале з вышэйшымі пасадавымі асобамі краіны, прадстаўнікамі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і трыма героямі Савецкага Саюзу.
Праз 64 гады пасля завяршэння вайны тых ветэранаў, якія рэальна бралі ўдзел у баявых дзеяннях, засталося зусім не шмат. Ветэраны, якія па стане здароўя не здолеюць прайсці ў калоне, паедуць на 12 аўтамабілях. У мэтах гарантавання бяспекі ўсе гледачы шэсця будуць праходзіць праз кантрольна-прапускныя пункты.
Іншыя каштоўнасці апазіцыі
Свята адзначаць і прадстаўнікі апазіцыі. Як распавёў Deutsche Welle старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, 9 траўня ён разам з калегамі возьме ўдзел у ускладанні кветак у манумента Перамогі.
Разам з тым, палітык адзначае рознае каштоўнаснае напаўненне свята ва ўладаў і апазіцыі. Ён сам, напрыклад, лічыць, што надыйшла пара зрабіць дзень 9 ці 8 траўня днём памінання ахвяр усіх войнаў, якіх на тэрыторыі Беларусі былі дзесяткі.
Лявон Баршчэўскі падкрэслівае, што апазіцыя не надае гэтаму святу антызаходні змест, што робіць афіцыйная прапаганда. Палітык таксама заклікае ўсіх гульцоў на палітычным полі адмовіцца ад спекуляцый, якія звязаныя са святкаваннем 9 траўня.
Аўтар: Паўлюк Быкоўскі
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў