Лідэраў «Маладога Фронту» уведамілі пра завочны арышт
21 мая 2008 г.1 траўня каля Нацыянальнай бібліятэкі дэмакратычныя актывісты планавалі адзначыць Дзень Еўропы – пятую гадавіну пашырэння Еўрапейскага Звязу, але каля трыццаці чалавек былі затрыманыя спецназаўцамі, а лідэра “Народнай грамады” Мікалая Статкевіча асудзілі на дзесяць сутак адыіністратыўнага арышту.
Моладзевых актывістаў пратрымалі каля трох гадзінаў у РУУС Першамайскага раёну сталіцы, пасля чаго адпусцілі, узяўшы падпіску пра іхную абавязковую яўку ў суд па першым патрабаванні. Але, як сталася відавочным, ніякага патрабавання не паследавала, а суды адбыліся без саміх абвінавачаных. Ды і прысуд – завочны адміністратыўны арышт – выпадак даволі незвычайны. Цяпер маладзёны за наймалейшае парушэнне на 7 сутак могуць апынуцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна без усялякага суда.
Зміцер Дашкевіч распавеў, што такога ніколі раней не было. “Раней хаця б папярэджвалі, я пакінуў нумары сваіх і мабільнага, і хатняга тэлефонаў, але ніхто мне не тэлефанаваў. Відавочна, улада не хоча прыцягваць увагу да гэтых судовых працэсаў, але ўсё ж вымушаная іх правесці, каб не даваць паслабленне дэмакратам - маўляў, правялі мерапрыемства, а вам за гэта нічога няма”.
На думку актывіста, з аднаго боку, улада сведчыць, што будзе адбывацца пераслед усіх, хто ўдзельнічае ў любых формах мірных акцыяў, а з іншага боку, робіць гэта ўціхую, каб Еўропа гэтага не заўважыла.