Беларуская апазіцыя пачынае кампанію "Сацыяльны марш"
23 марта 2009 г.
23 сакавіка ў сядзібе Партыі БНФ адбылася прэзентацыя паслання кампаніі "Сацыяльны марш", арганізатарам якой выступаюць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі. У дакуменце ўтрымліваюцца канкрэтныя прапановы, якія аблегчаць грамадзянам жыццё ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу.
Сацыяльны кантракт ўлады з грамадствам завяршаецца?
Намеснік старшыні Партыі камуністаў Беларускай Валеры Ухналёў лічыць, што "ва ўмовах самаізаляцыі з няправільнымі падыходамі ў эканоміцы" крызіс можа цяжка адбіцца на жыхарах Беларусі. Па словах Ухналёва, калі не прадпрымаць эфектыўных захадаў па правядзенні эканамічных рэформаў, зменшыць негатыўныя наступствы крызісу для грамадзян будзе немагчыма.
Кіраўнік планава-аналітычнай групы Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Вацлаў Арэшка адзначае, што гарантыі, якія ўлада давала людзям напрацягу апошніх пятнаццаці год, сёння ўжо не могуць быць выкананыя. Паводле аналітыка, сацыяльны кантракт, які быў заключаны паміж Аляксандрам Лукашэнка і беларускім грамадствам, падыходзіць да канца.
"Гэта аб’ектыўная рэчаіснасць, яна не залежыць ад жадання лідэраў ці грамадзян, гэта факт, што вынікае з крызіса, які будзе развівацца", - мяркуе Вацлаў Арэшка.
Захады і крыніцы антыкрызсінай праграмы АДС
Старшыня планава-аналітычнай групы АДС адзначыў, што антыкрызісныя праграмы, якія сёння прымаюцца ў заходніх краінах, скіраваныя ў першую чаргу на дапамогу грамадзянам. Вацлав Арэшка мяркуе, што ўрад Беларусі павінен павялічыць грашовую дапамогу па беспрацоўі, стымуляваць бізнес на стварэнне працоўных месцаў, адмовіцца ад адміністратыўнага рэгулявання і стварыць новую сістэму перакваліфікацыі.
Як лічаць аўтары паслання кампаніі "Сацыяльны марш", сродкі на дапамогу людзям можна знайсці, калі скараціць не менш як на 30 адсоткаў фінансаванне органаў улады, адмовіцца ад стратных праектаў, аграгарадкоў, лядовых палацаў, а таксама ўсталяваць абмежаванні па акладах і матэр’яльных узнагародах для кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія атрымліваюць бюджэтныя датацыі.
Аўтары дакумента высноўваюць, што пераўтварэнне эканомікі немагчымае без правядзення сістэмных і інстытуцыянальных пераўтварэнняў. Як адзначае намеснік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч, для зменаў складваецца спрыяльная сітуацыя: і эканамічны крызіс, і захады еўрапейцаў па растлумачэнні беларускай наменклатуры выгодаў стаць цывілізаванымі і рухацца ў бок Еўропы, а не захоўваць савецкую сістэму.
Сацыяльны аспект
Паводле ініцыятараў кампаніі "Сацыяльны марш" не выключаецца таксама і правядзенне іншых мерапрыемстваў, у тым ліку і вулічных акцый. Але Валеры Ухналёў кажа, што сёння дэмакратычныя сілы павінныя сканцэнтравацца на юрыдычнай і кансультацыйнай дапамозе грамадзянам.
"Людзі пакуль не адчулі на сабе ў поўнай меры наступстваў крызіса, яны яшчэ толькі ў прадчуванні гэтых наступстваў", - лічыць апазіцыйны камуніст Ухналёў. А Вацлаў Арэшка падкрэсліў, што без пастаноўкі сацыяльных праблемаў і без шляхоў іх вырашэння ніякія палітычныя лозунгі не будуць успрыняты шырокімі масамі.
Распаўсюд паслання кампаніі "Сацыяльны марш" пачнецца 25 сакавіка, падчас вулічнай акцыі на Дзень волі.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Марына Нікіціч