1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Уладзімір Някляеў: "Трэба канчаць з гэтай нянавісцю"

27 ноября 2024 г.

Уладзімір Някляеў збіраецца напісаць раман пра тое, "як у нас такое жыццё сталася". І знайшоў ужо некаторыя адказы на гэтае пытанне.

https://p.dw.com/p/4nUuu
Уладзімір Някляеў на сустрэчы з чытачамі
Някляеў на сустрэчы з чытачамі ў польскім Гданьску 26 лістапада Фото: Tatsiana Harhalyk/DW

За тры гады ў эміграцыі пісьменнік і палітык Уладзімір Някляеў выдаў чатыры кнігі. Апошняя - "Без айчыны. Кніга турмы і замежжа". Урыўкі з яе Някляеў прадставіў на сустрэчы з чытачамі ў польскім Гданьску 26 лістапада. Як пісьменнік адчувае сябе "без айчыны"? Ці спадзяецца вярнуцца дадому? Што думае пра будучыню Беларусі? І чым падбадзёрвае беларусаў? Інтэрв'ю DW.

"Хачу яшчэ напісаць раман"

DW: Ваша апошняя кніга называецца "Без айчыны". Вы кажаце, што ў яе ўвайшлі і творы, напісаныя ў турме і зараз у выгнанні. Як вы адчуваеце сябе ў далечыні ад радзімы?

Уладзімір Някляеў: Калі па першых міграцыях, па першых турмах насамрэч гэта ўсё ўяўлялася асабістай драмай, нават трагедыяй, то недзе пасярэдзіне я змусіў сябе глядзець на гэта не на як нешта трагічна-драматычнае, а як на прыгоду жыццёвую.

Можна было і без гэтага пражыць, недзе на лецішчы сядзець, гурочкі садзіць, іх засольваць, пасля пад гарэлачку спажываць. Большасць маіх аднагодкаў так, дарэчы, і жыве. Я з імі не надта люблю сустракацца, бо там гурочкі, гарэлачка і пасля расповед пра тое, што ў каго баліць. І перамагае той, хто мае самую страшную хваробу.

Не скажу, што лёгка без айчыны. Можна жыць паўсюль, як казаў Васіль Быкаў, але паміраць трэба дома. Я яшчэ не збіраюся паміраць ні дома, ні за домам, бо хачу яшчэ напісаць раман пра тое, як у нас такое жыццё, пра якое я толькі што распавядаў, сталася. Чаму мы гэта дапусцілі?

"Вельмі шмат было зроблена памылак"

- Вы ўжо знайшлі адказ на гэтае пытанне?

- Вельмі шмат было зроблена памылак. Думалі не зусім у той бок, у якім стратэгічна трэба было думаць. Тут вінаватыя не толькі тыя людзі, якія зараз пры ўладзе, якія стваралі ўвесь клімат нашага сённяшняга жыцця, але і тыя людзі, якія знаходзіліся з другога боку, у тым, што называўся апазіцыяй. Вельмі шмат падобнага было ў дзеяннях як аднаго боку, таксама і другога. І гэта падабенства заключалася ў тым, што, перш за ўсё, наперадзе ўсіх астатніх інтарэсаў, стаялі нейкія асабістыя, можа быць, партыйныя, калі чалавек у партыі, можа быць, яшчэ нейкія. Але пытанне айчыны, клопат пра яе, былі недастатковымі.

- Набліжаюцца чарговыя выбары. Як будзе развівацца сітуацыя далей, чаго чакаць беларусам?

- Цяжка сказаць, што будзе. Нічога добрага не можа быць, таму што ідзе вайна. Баюся, што наш лёс будзе яшчэ многа разоў выпрабоўвацца на самастойнасць. Гэта не канец нашага сённяшняга рамана з Расіяй. Відавочна, што для таго, каб захаваць тое, што называецца айчынай, нам прыйдзецца прыкласці значна болей намаганняў, чым мы прыкладалі іх дасюль.

Някляеў прадставіў у Гданьску новую кнігу
Някляеў прадставіў кнігу "Без айчыны. Кніга турмы і замежжа"Фото: Tatsiana Harhalyk/DW

"Псіхалагічна жыць і працаваць больш складана, чым дома"

- Сёння беларусы фактычна ствараюць сваю краіну за мяжой. Тут, у замежжы, ці знайшлі вы свайго чытача?

- Мне ўжо немала гадоў для таго, каб я мог "перасадзіцца" з адной глебы на другую і пачуваць сябе так, нібыта я з той самай глебы расту. Маладзейшым прасцей, але для мяне гэта вельмі цяжка, таму я не дапускаю нават думкі пра тое, што я там у нейкай эміграцыі, што я не вярнуся дахаты. Проста не дапускаю.

Псіхалагічна жыць і працаваць больш складана, чым дома, але, калі б я на сённяшні дзень быў дома, у мяне ніводнай бы кнігі не выйшла за гэтыя гады, якія я тут. А тут у мяне за тры гады выйшлі чатыры кнігі. Хто б мяне там выдаваў?  Не меў бы я тут сустрэч літаратурных з такімі заламі, як сённяшні. Глядзіце, там амаль дзвесце чалавек, і ўсе - людзі, якія чытаюць. Дарэчы, выехала Беларусь, якая чытае, інтэлектуальная, адукаваная Беларусь. Гэта ёсць самае страшнае.

Калі тры гады назад я ў тым жа Гданьску быў, ў мяне пыталіся пра адно толькі: "Уладзімір Пракопавіч, вы палітыкай займаецеся, вы ж, відаць, ведаеце, калі мы вернемся? Заўтра, паслязаўтра?" Сёння такіх пытанняў ужо няма. Людзі зразумелі, што гэта надоўга, людзі займаюць свае нішы, дзеці іх пайшлі ў польскія школы. І трэба рэальна глядзець на рэчы: чым даўжэй гэта будзе цягнуцца, тым меньш шанцаў, што яны вернуцца з іх інтэлектам, з іх магчымасцямі на радзіму, каб працаваць дзеля яе.

Уладзімір Някляеў
Уладзімір Някляеў: "Усё вырастае, красуе, не знікае мова, не знікае інтэлект народа"Фото: Tatsiana Harhalyk/DW

Трэба канчаць з гэтай нянавісцю да тых, хто не згодны з табой. За што гэтых людзей ненавідзець? За тое, што яны выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі, пратэстуючы. Дык гэта ва ўсім свеце робіцца, ніхто за гэта нікога не садзіць і не ненавідзіць такой нянавісцю. Каго тут ненавідзець? Дзяўчаты разумныя, прыгожыя, хлопцы разумныя, прыгожыя, людзі, якія хочуць дабра для сваёй зямлі. Але, калі лёс іх змусіць застацца тут, што ж. Хоць я спадзяюся, што яны паспеюць вярнуцца, у адрозненні ад мяне.

- Што вы можаце параіць беларусам: як не згубіць надзею, што рабіць?

- Слухайце, даражэнькія беларусы, не сёння пачалося знішчэнне Беларусі. Знішчалі нас ужо дзясяткі разоў, здавалася камяня на камяні нямашака, раскідалі ўсё, лясы нашы павысеклі, палі нашы папалілі. Нічога. Усё вырастае, красуе, не знікае мова, не знікае інтэлект гэтага народа, розум гэтага народа, душа гэтага народа. І б'ецца на той зямлі беларускае сэрца. І так будзе. І так і будзе.

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще