1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Там жыў адным днём, тут - двума": Есяневіч - пра эміграцыю

2 сентября 2024 г.

З'ехаўшы з Беларусі, актор-купалавец Дзмітрый Есяневіч распавёў пра жыццё ў краіне пасля 2020 года, першыя уражанні ад эміграцыі і далейшыя планы.

https://p.dw.com/p/4k6oJ
Акцёр-купалавец Дзмітрый Есяневіч
Акцёр-купалавец Дзмітрый Есяневіч пакіннуў Беларусь ў жніўні 2024 года. Фото: Privat

Адной з галоўных навін апошняга часу стаў выезд з Беларусі Дзмітрыя Есяневіча - актора знішчанага ўладамі Купалаўскага тэатра, таксама вядомага як "Мікалай Сяргеевіч" з праекту вострай палітычнай сатыры "ЧынЧынЧэнэл".

Навіной стаў не толькі выезд, але і тое, што Дзмітрый жыў у Беларусі да жніўня 2024 года, здымаючыся за мяжой. У траўні гэтага года яго затрымалі, адправілі на суткі і сказалі рыхтавацца да выкліку ў Следчы камітэт. Праз паўтара месяца Дзмітрый Есяневіч, яго жонка і трое дзяцей з'ехалі з Беларусі. DW пагутарыла з Дзмітрыем пра жыццё ў Беларусі, пераезд і планы.

"Культурніцкае жыццё пасля 2020-га я не ведаю"

DW: У вас, напэўна, зараз усе гэта пытаюцца: як вы там жылі?

Дзмітрый Есяневіч: Парадокс, што здзіўляліся аднолькава і эмігранты, і беларусы ў Беларусі. Я нібы быў адначасова і ў Зазеркаллі, і ў рэчаіснасці, а што для каго што, вырашайце самі.

- Якое цяпер культурніцкае жыццё ў Мінску?

- Я пасля 2020 года не цікаўлюся культурніцкім жыццём ў нашай краіне. І недзе ўнутры асуджаю людзей, якія цікавяцца… Я не мог нават у машыне слухаць музыку два гады. Некуды хадзіць? Не. Пару разоў выйшлі з жонкай у горад тусануцца, я атрымаў свае "кайфы славы". У рэстаране адна жанчына тры разы міма прайшла: "Гэта вы?" -"Я." - "А мы з мужам паспрачаліся, што не вы". Зайшлі у клуб адзін, падыйшоў вядучы, кажа: "Дырэктар папрасіў запытацца, гэта вы?"

Пра культурніцкае жыццё нічога не магу сказаць. Можна схадзіць у тэатр на "французскія камедыі", каб "ні аб чом не думаць в Русском цеатрэ"… Што там пакажуць? Абы што.

А грамадства стараецца ляпіць з сябе дэмакратычнае, з палаткамі ў лясы выязджаюць, за імі прыязджае АМАП. Са мной у камеры сядзеў чалавек, у іх майстар-клас быў па хангах (музычны інструмент. - Рэд.). Іх накрылі, у каго нешта ў тэлефонах было - забралі.

- Называюць РТБД як тэатр, куды цікава схадзіць.

- Так, я адзінае, што раіў, гэта РТБД. Там малады таленавіты рэжысёр Яўген Карняг. Але ў нас як? Калі ты займаеш нейкую пасаду, то становішся чалавекам дзяржавы і будзеш рабіць, што скажуць.

Акцёр Дзмітрый Есяневіч у цэнтры
Дзмітрый Есяневіч (у цэнтры) жыў у Мінску, а на здымкі выязджаў за мяжу. У маі 2024 года пасля вяртання у Беларусь яго затрымалі.Фото: Privat

- Як могуць цяпер працаваць акторы ў Беларусі, з тых, каго вы ведаеце?

- Хтосьці іншым ужо займаецца, хтосьці спрабуе яшчэ працаваць. Нехта зрабіў паўзу - здымаецца ў расійскім кіно. І я там атрымаў ролю перад ад’ездам.

- Людзі не папракаюць здымкамі ў расійскім кіно?

- А я не зорка расійскага кіно, у мяне пасля 2020 года былі только "Песняры", нармальны фільм (Дзмітрый выканаў ролю бубнача, пазней яго імя прыбралі з афіш, а фільм перамантавалі. - Рэд.). Новая стужка была мастацкая, нейкая камедыя, і падалося, гэта будзе ужо занадта, прыйшлося б ісці на здзелку з сумленнем. Хаця цяжка было адмовіцца, працы ў мяне даўно не было.

"Самым складаным было сказаць бабулі"

- Як вы ў такой атмасферы жылі?

- Я думаў пра ад’езд, але павольна… Калі цяжка ў горадзе, бяру дзяцей і з’язджаю на вёску. А там нічога не змянілася - расійская прапаганда і прырода. Але ж прапаганду можна выключыць. Даносіцца нешта, я кажу: "Бабуля, ну не глядзі ты гэта!" "А што мне яшчэ глядзець?" - адказвае. Прырода, дзеці, фізічная праца. Стамляешся, і нармальна.

А так жывеш і думаеш, што ў любы момант запросяць у Следчы камітэт. Калі ў пятніцу не патэлефануюць, у выходныя можна расслабіцца. Потым панядзелак - як жа да пятніцы час працягнуць! Амаль так я жыў чатыры гады, але апошнія паўтара месяца была канцэнтрацыя.

- Што вы адчуваеце ад таго, что выехалі? Палёгку або адчуваеце, што вас вымусілі?

- Я падсвядома чакаў моманту, калі мне трэба будзе гэта зрабіць. Цягнуў час, думаў нават пра "хімію", але відаць вышэйшыя сілы пашкадавалі.

Самае складанае было - сказаць бабулі. Я адцягваў да апошняга. Ці не ў апошні дзень з бабуляй мы сядзелі, я плакаў у адзін бок, яна ў другі… А, можа, кажу, бабулечка, мы яшчэ з табой убачымся. Званю цяпер часта…

Бытавуху за гэтыя паўтара месяца атрымалася ўладкаваць, дапамагалі ж парадамі. Гендаверанасці, пашпарты. А вот сакральныя рэчы - напэўна, не ўсе. Але я гэта ўмею рабіць на адлегласці. А да сяброў можна датэлефанавацца.

- Вы переехалі ў Беласток, недалёка ад Беларусі. Як абжываецеся? 

- Так, блізка, танней жытло, дзеткам, кажуць, тут добра (у сям'і трое дзяцей - дачка 14 год і двайняты, хлопчык і дзяўчынка, - па тры з паловай гады. - Рэд.). Вось шукалі школу, у дзве з’ездзілі, адна не возьме, у другой нямецкая мова. Думаем. Садкі трэба аб’ездзіць. Жонка скончыла курсы па IT-справах, хоча там стартануць. Можа, мне увогуле не прыйдзецца працаваць! Буду ляжаць і кніжкі чытаць. 

"Зараз буду ўсё глядзець, што ў РБ не глядзеў"

- Ці ёсць ужо нейкі план, чым будзеце займацца?

- А які план? Я прыехаў з адной пасткі ў другую. Усё роўна трэба бегаць, прыгаць, нешта з сябе выдаўліваць. Там прыходзілася жыць, аглядваючыся, тут трэба легалізавацца… Але ж я даўно ў гэтым бізнэсе. Будзем працаваць, ёсць "Чын-чэналы", быў наш серыял "У мундзірах", зараз выйшаў серыял "БелГосПсіхоз". Папрацуем, магчыма, з "Белсатам". Пахаджу па асістэнтах, хто пераехаў і зрабіў свае агенцтвы.

Дзмітрый Есяневіч і Міхаіл Зуй
Дзмітрый Есяневіч і Міхаіл Зуй вядомыя як "чыноўнікі" з сатырычнага пректу "ЧынЧынЧэнэл"Фото: Privat

- Якая ў вашага пректа цяпер аўдыторыя? За мяжой многія беларусы сталі больш цікавіцца культурай, мовай, гісторыяй.

- Позна пачалі! Вось да чаго прывяло (смяецца). Я думаю, што людзі любяць больш лёгкі гумар, а ў нас палітычная сатыра, гэта абмяжоўвае кола гледачоў. Я прапаную хлопцам аблягчаць усё музыкай. Наш першы музычны праект быў вельмі ўдалы - песня "Шчучыншчына", потым "Дзекаць і цекаць".

Пакуль што "пілім" чыноўнікаў - шэрыя строі, РБ, глядзім навіны. Я першы раз паглядзеў пра мужчыну, які вяртаецца з "СВО" (серыя відэаролікаў "Чын-чынаў" пад назвай "Давай его дождемся". - Рэд.) - жарсткавата, але я смяяўся. А ў Рэспубліцы Беларусь я гэта не хацеў глядзець, было стромна. Зараз буду ўсё глядзець!

- Ці адчуваеце нейкі шок, як часта эмігранты?

- Не, усё ў парадку, усе свае, бачу людзей, якіх даўно не бачыў - гэта кайф. Пайшоў прагуляцца, нечакана: "Дзіма!" Сустрэў знаёмых, а яны мне потым сказалі, што ішлі і спрачаліся: "Вунь Есяневіч!" - "Што ты пілікаеш, Есяневіч у Мінску ў турме сядзіць!"

"Эмігранты мяне даўно здзівілі"

- На ваш погляд, даўнія эмігранты адарваліся ад Беларусі? Вы, як чалавек новы, можаце параўнаць.

- Так, я ж зашуганы яшчэ. А яны мяне даўно здзівілі, увогуле не разумеюць, што ў Беларусі творыцца. Ці нешта ляпнуць, інтэрв’ю хто-небудзь дасць, ты думаеш, што яны кажуць?! Там - страх. А тут усе такія харошыя, расслабленыя. Вядома, свае праблемы, але іншага складу. Хаця, можа, гэта ў нас страх, а людзі жывуць, і не дакажаш, што нешта дрэннае адбываецца. "Не трэба было скакаць па плашчадзях".

- Далёкія планы не будуеце?

- Не. Я і там жыў адным днём, а зараз тут ну можа двума. Можа ж быць што заўгодна! Пакуль - дакументы, а там паглядзім.

- Фонд Bysol аб’явіў збор грошай на дапамогу вашай сям’і, і я бачыла каментары пра тое, што "няўжо прыехаў без нічога". Што б вы адказалі?

- А ў чым праблема, я не маю права папрасіць дапамогі? Я не чытаю, хто і навошта гэта піша. А напішыце, калі ласка, такі мой адказ: проста вельмі люблю грошы.

- Што вас падтрымлівае? Думка, што вернемся, ці наадварот - што ёсць толькі цяпер?

- Думай пра харошае, а гатоўся да горшага. І я так. Калі агучваеш, можа не спрацаваць! Я у гэтым сэнсе забабонны чалавек. Канешне, усе хочуць вярнуцца, ну ці калі крэпка аселі - хаця б ездзіць.

 

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще