"Каліноўцы" сустрэліся з беларусамі ў Варшаве
22 января 2024 г.Полк імя Кастуся Каліноўскага выправіўся ў тур па гарадах Еўропы. "Ужо даўно хацелася падзякаваць тым, хто з намі ўвесь гэты час", - тлумачыць матывы камандзір палка Дзяніс "Кіт" Прохараў. І прызнаецца, што падтрымкі робіцца менш. Першая сустрэча ў межах тура адбылася 21 студзеня ў Варшаве. У праграме - прэзентацыя палка, пытанні-адказы, выстава прысвечаных добраахвотнікам дзіцячых малюнкаў, прагляд фільма і продаж мерча.
"Каліноўцы": Барацьба будзе доўгай
Ля ўваходу на сустрэчу ў Беларускім доме ў Варшаве стаіць чарга. Наведнікам даводзіцца аддаць тэлефон, сумкі правярае чалавек у балаклаве. У залу мітусліва даносяць крэслы, побач са мной нехта цісне руку Зянону Пазняку, а за стол сядаюць выступоўцы - камандзір палка Каліноўскага Дзяніс "Кіт" Прохараў і яго намеснік Вадзім Кабанчук. Побач з імі ў якасці мадэратара - кіраўнік мабілізацыйнага цэнтру палка Павел "Віллі" Кухта.
"Хачу, каб кожны з вас разумеў і памятаў, што вайна яшчэ ідзе і цяжкасці ёсць", - кажа Дзяніс "Кіт". - Пачуйце мяне зараз, яшчэ рана расслабляцца, наша справа трывае". Ён даводзіць да прысутных, што трэба мяняць "супраціў" на "барацьбу" і быць гатовымі да таго, што барацьба будзе доўгай.
Выступоўцаў перарывае грукат крэслаў: уся зала пасоўваецца наперад і ўшчыльняе шэрагі, каб рэшта наведнікаў змагла трапіць у памяшканне.
Вадзім Кабанчук распавядае, як у 2016 і 2017 гадах быў у Мар’інцы (горад у Данецкай вобласці Украіны. - Рэд.) і мясцовыя жыхары клапаціліся пра рэдкія дрэвы. "Сёння Мар’інка - гэта месца, якога няма. Вось гэта вайна, гэта тое, што нясе "русский мир", гэта тое, што можа быць у Беларусі".
Не абыходзіцца выступ "каліноўцаў" без рыторыкі пра вызваленне Беларусі: "Я думаю, кожны з тут прысутных разумее, што каб даваць адпор рэжыму Лукашэнкі, нам патрэбная будзе зброя - як ні круці. Мы як добраахвотнікі, як полк імя Кастуся Каліноўскага - тая самая зброя, - тлумачыць Дзяніс "Кіт". - У нас ёсць дасведчаныя ваяры, якія дадуць фору нават некаторым групам спецпадраздзяленняў ва Украіне, бо хлопцы праходзяць вельмі цяжкія баі і тым самым сябе загартоўваюць".
Для вызвалення Беларусі, прызнае добраахвотнік, патрэбны і "палітычны спектр". "Мы працуем над гэтымі пытаннямі", - кажа ён.
Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых
Сярод пытанняў, якія прагучалі на сустрэчы, былі пытанні пра тое, як далучыцца да палка, чаму полк не ўваходзіць у Беларусь - так, як Рускі добраахвотніцкі корпус забіраецца на тэрыторыю Расеі, і ці не варта арганізаваць выбары кіраўніцтва палка.
Адзін з наведнікаў пацікавіўся ў выступоўцаў, чаму ў бок палка ў медыяполі так шмат крытыкі, якая ніяк не аспрэчваецца. "З табой усё ясна!", - крыкнулі хлопцу з залі, маўляў, яму плоціць Лукашэнка. "Не перашкаджайце, калі ласка", - сказаў на гэта Павел Кухта, а прадстаўнікі палка патлумачылі, што не ў стане рэагаваць на паклёпы і разбірацца з усімі закідамі.
Яшчэ адзін з прысутных, які прадставіўся афіцэрам марской пяхоты, устаў і з ваеннай выпраўкай прамовіў, што дзейнасць палка ўздымае ў беларусах дух патрыятызму, і падышоў паціснуць добрахвотнікам "мужныя рукі". Украінка з Жытоміршчыны выйшла прачытаць прысвечаны палку верш. А польскія наведнікі пыталіся пра тактыку расейцаў, карупцыю ва Украіне і недастатковую падтрымку Захада.
Пасля некалькіх апошніх пытанняў на экране ўключылі 20-хвілінны рэпартаж пра кіроўцу палка, які эвакуюе людзей з полю бою. Хвілінай маўчання ўсе прысутныя ўшанавалі памяць загінулых ваяроў. Да Дзяніса "Кіта" сталі падыходзіць з просьбамі падпісаць сцяг або ўлётку ды сфатаграфавацца разам.
Полк гатовы стварыць палітычную платформу
Першая сустрэча "каліноўцаў" выглядала па-вайсковаму стрымана. На пытанне DW пра мэту такіх паездак камандзір палка адказвае наступнае: "Па-першае, падзякаваць тым, хто падтрымліваў нас увесь гэты час. Па-другое, нагадаць альбо ўпершыню расказаць пра сябе тым, каму цікавы беларускі парадак дня, што вайна надалей трывае і нам патрэбная дапамога". Дзяніс "Кіт" прызнаецца, што да палка цяпер менш увагі, а ў ваяроў менш падтрымкі.
Апроч гэтага, такімі сустрэчамі полк Каліноўскага спадзяецца прывабіць у свае шэрагі чарговых добраахвотнікаў.
Вадзім Кабанчук згадвае яшчэ адну задачу: у час тура сустрэцца з партнёрамі, якія на канферэнцыі "каліноўцаў", што прайшла ў Кіеве ў лістападзе 2023 года, падпісалі Мемарандум па выніках канферэнцыі і Адозву да вольных народаў свету. "Мы гатовыя рухацца ў бок большай суб’ектызацыі ў стварэнні палітычнай платформы. Мне пакуль што цяжка казаць, што гэта будзе, але мы прымем рашэнне па выніках паездак".
Наступныя сустрэчы з беларусамі "каліноўцы" правядуць у Лодзі, Кракаве, Вроцлаве, Празе, Берліне, Вільні ды іншых еўрапейскіх гарадах.