1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW
ОбразованиеБеларусь

Чаму ў беларускай школе будзе яшчэ больш ВАВ?

Таццяна Невядомская
12 мая 2022 г.

Міністэрства адукацыі Беларусі прапануе яшчэ больш Вялікай Айчыннай вайны ў праграме беларускай школы. Што пра гэта думаюць эксперты?

https://p.dw.com/p/4BCPh
Дзяўчынка з беларускiм дзяржаўным сцягам на плошчы Перамогi ў Мiнску
Фото: Natalia Fedosenko/dpa/TASS/picture alliance

Пытанні аб Вялікай Айчыннай вайне з'явяцца ў кожным экзаменацыйным білеце за курс базавай школы ў Беларусі. Каб на іх адказаць, вучням давядзецца абавязкова наведваць спецыяльны факультатыў. Пра гэта ў эфіры дзяржтэлеканалу СТБ распавёў намеснік міністра адукацыі РБ Аляксандр Кадлубай.

Верагодна, змены ўступяць у сілу ў наступным навучальным годзе, калі экзамен па гісторыі Беларусі пачнуць здаваць не пасля 11-га, а пасля 9-га класа. Чаму ўлады робяць такі акцэнт на тэме Вялікай Айчыннай? DW паразмаўляла з сацыёлагам, гісторыкам і былым настаўнікам.

"Увагі да ВАВ было шмат заўсёды"

"Увагі да Вялікай Айчыннай было шмат заўсёды. Тэма расцягваецца на чатыры-пяць урокаў. Пры гэтым Першая сусветная ў падручніках згадваецца мімаходзь", - адзначае былы настаўнік гісторыі адной з мінскіх школ Уладзіслаў Бохан. У ліпені 2021 года ён вымушана пакінуў Беларусь пасля затрымання за "пратэстную актыўнасць".

На думку Бохана, Вялікая Айчынная - гэта інструмент прапаганды, бо любая дыктатура "любіць бразгаць зброяй", але для гэтага трэба рабіць упор на вялікія перамогі. "Па вялікім рахунку, пасля Другой сусветнай ніякіх перамог не было. В'етнам? Прыйдзецца занадта шмат тлумачыць, якім бокам там быў Савецкі Саюз. Больш дробныя канфлікты ва "урапатрыятычным" плане не працуюць", - разважае педагог. Таксама ён лічыць, што тэма вайны – зручны інструмент для ачарнення палітычных апанентаў, калі ўсіх непажаданых таўруюць "фашыстамі" і "нацыстамі".

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр ЛукашэнкаФото: Alexander Zemlianichenko/dpa/AP/picture alliance

Згодны з гэтым і беларускі гісторык Аляксандр Пашкевіч. Паводле яго, палітычны крызіс, які здарыўся пасля 2020 года, прымусіў беларускі рэжым шукаць магчымасці, каб ачарніць і ўнутраных, і знешніх апанентаў, выстаўляючы сябе ідэйнымі нашчадкамі пераможцаў.

"Падобныя інсінуацыі знаходзіліся ў арсенале Лукашэнкі з самых першых дзён ягонага прыходу да ўлады. А каранямі яны ідуць у савецкі перыяд, - адзначае Пашкевіч. - Але менавіта ў апошнія два гады ўсяго гэтага стала беспрэцэдэнтна шмат, а сам наратыў набыў настолькі агрэсіўны характар, што многія выказванні і прадстаўнікоў улады, і дзяржаўных прапагандыстаў яўна правакуюць сацыяльную ды іншую варожасць. Акрамя таго, у апошні год з'явілася трактоўка ўладамі наяўнасці іншых поглядаў на падзеі той вайны як крымінальнага злачынства".

"Лукашэнка шукае крыніцу легітымнасці ў гісторыі"

Аляксандр Пашкевіч упэўнены, што цяперашняму беларускаму рэжыму, акрамя рэпрэсій, няма чым адказваць на выклікі, таму крыніцу ўнутранай легітымнасці Лукашэнка і ягоныя паплечнікі спрабуюць знайсці ў гісторыі.

"Логіка праўладнай прапаганды прыблізна такая: цяпер мы апынуліся ў цяжкой сітуацыі, але гэта ўсё не таму, што мы некампетэнтныя, а таму, што падступныя ворагі помсцяць нам за мінулыя трыумфы над імі. І вось каб не даць ім узяць нейкі рэванш, мы ўсім народам мусім разам з уладай даваць адпор усялякім спробам забраць у нас нейкія гістарычныя дасягненні, у першую чаргу перамогу ў "Вялікай Айчыннай" вайне", - тлумачыць Пашкевіч.

Між тым, на яго думку, такую ​​пазіцыю ў Беларусі падтрымлівае не так шмат людзей, але іншых ідэй ва ўладзе няма, як і кадравых рэсурсаў, каб зрабіць тэму больш сучаснай, інтэлектуальнай і менш супярэчлівай. "Стаўка робіцца не на якаснае, а на колькаснае павелічэнне і без таго непамерна раздзьмутай прапаганды "вялікага подзвігу народу" з падключэннем літаральна ўсіх магчымых каналаў, у тым ліку і ўсёй сістэмы адукацыі, уключаючы дашкольную", - кажа Пашкевіч.

"Ганарыцца ВАВ, а не польска-літоўскай дзяржаўнасцю"

Незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў лічыць, што асаблівая ўвага перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі - гэта працяг трэнду ўладаў на "адасабленне ад усяго, што выглядае для іх небяспечным", у тым ліку, іншых вытокаў беларускай ідэнтычнасці.

"Тэма Вялікай Айчыннай вайны вельмі важная, для большасці беларусаў гэта не пустыя словы. За гэтую тэму зараз дзяржаўныя мужы актыўна спрабуюць учапіцца як за крыніцу чагосьці пазітыўнага, на чым можна выбудоўваць нейкі ідэалагічны падмурак", - лічыць сацыёлаг.

Між тым, на яго думку, "беларуская версія" Вялікай Айчыннай вайны па-ранейшаму адрозніваецца ад расійскай. "Можам паўтарыць" - у нас гэтага няма. Беларускі наратыў - гэта трагедыя, супраціў жахам вайны. Магчыма, улады зараз больш кажуць, што Беларусь павінна ганарыцца нечым такім, а не польска-літоўскімі каранямі дзяржаўнасці», - разважае Біканаў.

У падручнiках бчб-сцяг звязваюць у першую чаргу з калабарантамi
У падручнiках бчб-сцяг звязваюць у першую чаргу з калабарантамiФото: Tass/dpa/picture alliance

"Што да самой праграмы, то ў новых падручніках, якія выйшлі ў 2021 годзе, у тэму "Вялікая Айчынная вайна" зменаў унеслі няшмат, - адзначае Уладзіслаў Бохан. - Адзінае, вылучылі цэлую частку пад калабарантаў, там літаральна ў пары сказаў некалькі разоў змясцілі "бел-чырвона-белы": у калабарантаў былі бел-чырвона-белыя сцягі, шаўроны. Асобна вынесена, што яны крычалі "Жыве Беларусь!" і гэта было аналагам нацысцкага прывітання. Зразумела, што яны і далей будуць навешваць на ўсіх апанентаў Лукашэнкі гэты ярлык, спрабуюць гэтую думку і дзецям навязаць. Але з майго досведу, на іх гэтая прапаганда не працуе".

"Мы вырашаем, што будуць вучыць вашыя дзеці"

Педагог таксама адзначае, што і раней у падручніках гісторыі тэма Вялікай Айчыннай падавалася неадназначна, было шмат міфалогіі, у той жа час некаторыя факты проста замоўчваліся.

"Ідэалогія ўплывае праз падручнікі: нешта замоўчваецца, нешта перабольшваецца, недзе адкрытая хлусня і прапаганда. Напрыклад, у старых падручніках па грамадазнаўстве Лукашэнку ставяць у адзін шэраг з Эдзісанам, Да Вінчы, Платонам. Гаварылася, што заўжды ў гісторыі павінен з'явіцца геній, які будзе ўплываць на грамадства. Яго прозвішча стаіць побач. Смешна і страшна", - адзначае Бохан.

У сваю чаргу Філіп Біканаў лічыць, што дзеянні ўладаў адносна школы можна разглядаць як дэманстрацыю сілы - "мы вырашаем, што будуць вучыць вашыя дзеці". Гэта, на думку сацыёлага, дэматывуе апанентаў.

"Калі раптам уявіць, што ў гэтага рэжыму ёсць яшчэ 10-15 гадоў, то, напэўна, больш людзей стане лічыць бел-чырвона-белы сцяг "фашысцка-калабаранцкім". Так улады закрываюць магчымасці для сваіх апанентаў даваць нейкую альтэрнатыву ў культурнай прасторы", - адзначае Біканаў.

Аляксандр Пашкевіч упэўнены, што нічога добрага для памяці пра вайну такая палітыка ў гістарычнай перспектыве не нясе: "Тое, як Пуцін у Расіі, а Лукашэнка ў Беларусі выкарыстоўваюць ваенную праблематыку выключна ўтылітарна, моцна дыскрэдытуе ўвесь гэты наратыў. Пасля краху абодвух рэжымаў будзе неабходны грунтоўны яго перагляд. Але пакуль што тое, што адбываецца, моцна б’е па ўсёй гістарычнай навуцы і адукацыі".

Глядзіце таксама:

Праваабаронца пра ўцёкі з Украіны і прытулак у Нямеччыне

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме