Дэлегацыя Еўракамісіі сустрэлася з лідэрамі АДС
4 ноября 2008 г.Перад гэтым госці з Бруселя правялі сустрэчы з беларускімі афіцыйнымі асобамі, у прыватнасці, з намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч і міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым.
Падрабязнасці сустрэчы лідэраў апазіцыі з дэлегацыяй Еўракамісіі Deutsche Welle паведаміў дзейны старшыня прэзідыюма Палітрады АДС Анатоль Лябедзька:
"Х’юга Мінгарэлі праінфармаваў нас, з якім пакетам ён прыехаў у Мінск. Ён агучыў гатоўнасць лідэраў Еўропы перагарнуць старонку ва ўзаемаадносінах з Беларуссю і пачаць "з чыстага ліста". Але для гэтага патрэбна, каб быў прагрэс па пяці пунктах. Агучаныя пункты фактычна ёсць зместам "дарожнае мапы", і мы з задавальненнем канстатуем, што яны цалкам супадаюць з нашымі падыходамі, выпрацаванымі сумесна АДС з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, праваабарончымі ды іншнымі няўрадавымі арганізацыямі.
Адзін пункт, які быў агучаны прадстаўніком Еўрапейскага Звязу, датычыць мараторыя на палітычных вязняў у Беларусі. Гэта бясспрэчна, і гэта заўсёды падтрымоўвалася АДС. А астатнія чатыры пункты і іерархія іх размяшчэння цялкам супадаюць з нашымі падыходамі, таму мы цалкам задаволены, што з такімі прапановамі прыехаў прадстаўнік Еўразвязу, і што ён агучваў іх на сустрэчах і з Мартынавым, і з Пяткевіч.
З свайго боку, беларускія чыноўнікі таксама заявілі аб гатоўнасці працаваць з Еўрапейскім Звязам, пачынаць новыя адносіны, але пакуль што невядома, што яны прапаноўваюць у якасці крокаў з свайго боку. Мы сёння ведаем, што хоча Еўропа, мы ведаем падыходы Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, за якімі стаіць значная частка беларускага грамадства, застаецца пачакаць адказ беларускіх уладаў". (гк)