1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Беларуская апазіцыя плануе правесці шэсце 25 сакавіка

2 февраля 2009 г.

Лідэры Партыі БНФ падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 25 сакавіка ў Мінску шэсця і мітынга, прымеркаваных да 91-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

https://p.dw.com/p/Glmb
Фота з архіву. Падзеі ў Мінску ў сакавіку 2006 года.Фото: AP

Кіраўнікі Партыі БНФ 2 лютага падалі ў Мінскі гарвыканкам заяўку на правядзенне ў сталіцы 25 сакавіка ў Дзень волі шэсця і мітынга, прымеркаваных да 91-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Заяўку падпісалі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і яго намеснікі Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч. Па словах Віктара Івашкевіча, галоўныя лозунгі, якія БНФ прапануе да акцыі: "За праўду, за справядлівасць за свабоду!". Ужо па лозунгах можна меркаваць, што сёлетняя акцыя на Дзень волі будзе мець сацыяльны характар.

Страчаны давер

Як адзначыў Віктар Івашкевіч, у дэмакратычных краінах галоўнай перадумовай пераадолення крызіса ёсць чыннік узаемнага даверу паміж уладай, бізнесам і СМІ. Па словах палітыка, у Беларусі ў выніку праведзенай дэвальвацыі нацыянальнай валюты грамадства страціла давер да ўладаў, што ўжо сталася эканамічным фактарам.

"Мы патрабуем ад уладаў сказаць людзям праўду: колькі яшчэ разоў у гэтым годзе будзе праведзена дэвальвацыя беларускага рубля; у колькі разоў будуць паднятыя цэны на прадукты, лекі і аплату жылля; калі пенсіянерам будзе забаронена зарабляць грошы, адначасова атрымліваючы пенсію; на якіх умовах урад бярэ крэдыты ў Расіі і Міжнароднага валютнага фонда", - заявіў Віктар Івашкевіч.

Па словах палітыка, улады пакуль не спяшаюцца кампенсаваць насельніцтву страты, панесеныя ў выніку дэвальвацыі. Віктар Івашкевіч адзначыў, што БНФ рашуча выступае супраць планаў уладаў перакласці ўвесь цяжар крызісу на плечы грамадзян, а таксама патрабуе штоквартальна падвышаць заробкі і пенсіі адпаведна росту кошта спажывецкага кошыка.

Сярод патрабаванняў Партыі БНФ – выплата паўгадовых выходных пасобій звольненым з працы не па сваёй віне, ліквідацыя перашкодаў і абмежаванняў для дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў і малых прадпрыемстваў.

"Тупіковая" палітыка

Як адзначыў яшчэ адзін намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, рэальная пагроза незалежнасці Беларусі сёння сыходзіць ад дзейнай улады, якая працягвае праводзіць, на думку палітыка, "тупіковую" палітыку.

Вячорка лічыць, што так званы выпрабаваўчы перыяд, які прызначыў ЕС для вышэйшага кіраўніцтва краіны, хутка заканчваецца і можа быць ацэнены як перыяд страчаных шансаў. Па словах апазіцыянера, не было зроблена ніякіх захадаў дзеля інстытуцыянальных зменаў, перад усім, зменаў у заканадаўстве. За той час, які застаўся, адзначае Вінцук Вячорка, зрабіць іх, ці нават распачаць, будзе ўжо немагчыма.

Намеснік старшыні Партыі БНФ спадзяецца, што ўдзел у акцыі 25 сакавіка ў Дзень волі возьмуць "тыя сілы, якія вызнаюць беларускую незалежнасць менавіта як вяртанне да беларускіх і еўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасцей".

Чыннікі масавасці

Weißrussische Opposition erkennt Wahlergebnis nicht an
Фото: AP

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі адзначае, што сёння цяжка спрагназаваць нават прыблізную колькасць удзельнікаў акцыі 25 сакавіка. З аднаго боку, ёсць прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі і палітыкі, якія ўвесь час выходзяць на такія мерапрыемствы, і для якіх гэта ўжо традыцыя. Наколькі масавым можа быць гэтае шэсце, будзе залежаць ад таго, як будуць развівацца крызісныя з’явы ў эканоміцы, у сацыяльнай сферы, лічыць эксперт. "Магчыма, да сакавіка рэзкага падзення ўзроўню жыцця не адбудзецца, і тады вельмі верагодна, што масавасць будзе на такім самым узроўні, як і ў папярэднія гады", - кажа палітолаг.

Па словах Аляксандра Класкоўскага, яшчэ шмат залежыць ад паводзінаў улады, таму што за апошнія гады многія людзі проста пачалі баяцца. Калі ўлада не выявіць нейкіх намераў жорстка душыць гэтую акцыю, гэта таксама можа павялічыць колькасць удзельнікаў, мяркуе эксперт.

Арганізатары Дня волі плануюць правесці збор удзельнікаў акцыі 25 сакавіка а 18-й гадзіне каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, адкуль прайсці шэсцем па праспекту Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы, дзе мае адбыцца мітынг. Як запэўніў Віктар Івашкевіч, правядзенне акцыі ў парку Дружбы народаў і плошчы Бангалор не плануецца.

Генадзь Канстанцінаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще