1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Анатоль Лябедзька – афіцыйна невыязны

Генадзь Канстанцінаў10 апреля 2008 г.

Старшыня Абъяднанай грамадзянскай партыі атрымаў афіцыйны адказ ад Генеральнай пракуратуры наконт забароны яму пакідаць межы Беларусі. У дакуменце пацвярджаецца звязка з крымінальнай справай за паклёп на прэзідэнта.

https://p.dw.com/p/DfSV

Старшыня Абъяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў афіцыйны адказ ад Генеральнай пракуратуры на конт забароны яму пакідаць межы Беларусі. У дакуменце пацвярджаецца звязка забароны на выезд з крымінальнай справай за паклёп на прэзідэнта.

Як гаворыцца ў дакуменце за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабод грамадзян Рыгора Шостака, пракуратура спасылаецца на закон “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь” і не ўгледжвае ў забароне кіраўніку АГП на выезд з краіны палітычных матываў.

Рыгор Шостак сцвярджае, што забарона на выезд палітыка звязаная з тым, што ў дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа.

Лідэр АГП пракаментаваў DW-RADIO атрыманы з Генеральнай пракуратуры адказ: “Я застаюся на сваёй пазіцыі: гэтая справа палітычна матываваная. І тое, што сам генпракурор Васілевіч не хоча візаваць, ставіць сваё прозвішча пад адказам, а я ж да яго звяртаюся – гэта сведчыць пра палітычны характар гэтае справы”.

Тым не менш Анатоль Лябедзька мае рашучасць дабівацца асабістай сустрэчы з Васілевічам, прапанаваць дыскусію старшыні Канстытуцыйнага суда Міклашэвічу.

“І трэцяе – я буду выступаць з хадайніцтвам да гарадской пракуратуры, каб яна альбо накіравала справу ў суд, альбо закрыла яе, таму што пайшоў пяты год, гэта больш чым дастаткова, да таго ж ніякіх следчых дзеянняў ні з маім удзелам, ні без майго ўдзелу там не праводзіцца”, - кажа палітык.

Нагадайма, крымінальная справа супраць Анатоля Лябедзькі была ўзбуджаная ў 2004 годзе з ініцыятывы Генеральнае пракуратуры па ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі) пасля інтэрвью старшыні АГП праграме “Люстэрка” тэлеканала “Россия” і публікацыі ў недзяржаўнай газеце “Народная воля” на тэмы “ценявога бюджэту” і гандлю зброяй.